«Туды-сюды» — адрэналінавая гульня па-беларуску

Лявон Вольскі на Budzma.org разважае пра тое, чаму беларусы, нягледзячы на сур’ёзную небяспеку, працягваюць ездзіць з Беларусі за мяжу і ў адваротным кірунку.

Лявон Вольскі

«Усе разумеюць, што яно вельмі рызыкоўнае — гэтае «туды-сюды». І неаднойчы сканчалася квітком у адзін канец. Але нешта прымушае беларусаў працягваць гуляць у гэтую гульню».

Каб выпадкова не засьвяціцца

Перад канцэртам у адным скандынаўскім горадзе арганізатар сказаў мне:

— Ёсьць беларусы, якія ня пойдуць на вашыя канцэрты.

— Чаму?

— Ну, яны езьдзяць туды-сюды (гэта значыць, у Беларусь з Эўропы і назад), таму ня хочуць кампрамату. А калі іх выпадкова сфоткаюць на такой акцыі, і фоткі патрапяць у інтэрнэт, дык гэта можа кепска скончыцца. Таму яны не наведваюць ніякія беларускія мерапрыемствы. Каб не мільгануць і не засьвяціцца выпадкова.

Ці то іншая сытуацыя. Зь Беларусі ў заходні горад прыяжджае артыст. Які таксама езьдзіць туды-сюды. І артыст зьвяртаецца да публікі, якая прыйшла на канцэрт:

— Шаноўнае спадарства, калі ласка, нічога ня фоткайце і не рабіце відэа. Гэты канцэрт ня мусіць патрапіць у інтэрнэт.

Артыст працягвае езьдзіць. Ён вытрымлівае гэтыя новыя непісаныя правілы — не зьявілася ў нэце — значыцца, не было, і, быццам бы, усё нармальна. Хаця гэтая схема наўпрост супярэчыць законам шоў-бізнэсу — яны, гэтыя законы, сьцьвярджаюць, што для артыста карысна, калі фота і відэа з канцэрту трапляе ў інтэрнэт, лайкаецца й распаўсюджваецца. А тут усё наадварот.

Што прымушае беларусаў ездзіць «туды-сюды»

Усе разумеюць, што яно вельмі рызыкоўнае — гэтае «туды-сюды». І неаднойчы сканчалася квітком у адзін канец. Але нешта прымушае беларусаў працягваць гуляць у гэтую гульню.

Што?

  • Любоў да роднага краю — настолькі моцная, нагэтулькі неадольная, што трэба яго абавязкова наведаць хаця б раз на два месяцы?
  • Старэнькія бацькі і сваякі, якім трэба дапамагаць, прывозіць лекі, грошы, прадукты, іншыя рэчы?
  • Жаданьне паказытаць нэрвы, бо ў жыцьці бракуе адрэналіну?
  • Каханы чалавек, які праз шэраг абставінаў ня можа ехаць з табой на Захад, а мусіць заставацца ў Беларусі?
  • Экспарт-імпарт — туды вязеш адно, назад — другое, і гэта някепскі прыробак?
  • Неабходнасьць тэрмінова прадаць нерухомасьць на радзіме і — куляй назад!

Так, усё гэта і шмат чаго іншага.

«Мы езьдзім, і будзем езьдзіць!»

Калі чарговым разам у інтэрнэце разгарнулася спрэчка, ці можна езьдзіць празь мяжу з гуманітарнымі візамі, шмат хто казаў: «Вось вы езьдзіце з гуманітарнай візай, гэта ўсё на мяжы польскім бокам фіксуецца, і ўрэшце гэткую візу не атрымае той, хто сапраўды мае ў ёй патрэбу».

Гэтым «шмат каму» іншыя «шмат хто» адказвалі: «Ой, вось толькі ня трэба сьпяваць ваенных песень! Нам трэба, і мы езьдзім, і будзем езьдзіць!». А адна прастадушная дама дык шчыра адказала: «Слухайце, ну а што было рабіць? Іншых жа візаў не выдавалі. Вось мы і атрымалі гэтую. Гуманітарную. І езьдзім па ёй. Будуць даваць іншыя, зробім іншую».

Раней шлях на цягніку да Вільні складаў дзьве з паловай-тры гадзіны. Да Варшавы пры спрыяльных умовах можна было даехаць на сваім аўто за сем. Цяпер гэтыя тэрміны расьцягнуліся на дзясяткі гадзінаў, людзі марнуюцца ў бясконцых чэргах, і кіроўца аўтобусу на варшаўскім вакзале на пытаньне: «Калі вы плянуеце быць у Менску?», стомлена ўздыхае: «А гэта як пашчасьціць». І, усё адно, аўтобусы паўнюткія, аўтамабільная чарга не скарачаецца, людзі едуць і едуць. Туды-сюды.

Фота: «Віртуальны Брэст»

Хітрыя схемы

Ёсьць яшчэ розныя хітрыя схемы — як пазьбегнуць беларускіх памежнікаў (а раптам ты ў іхным сьпісе ёсьць, а ў расейскім няма?). Гэта ўсялякія складаныя маршруты праз Калінінград ці іншыя расейскія гарады, якія знаходзяцца непадалёк ад заходніх межаў — прайшоў расейцаў і там ужо самалётам ці (калі трэба асаблівая сакрэтнасьць) перакладнымі дабіраесься да сваёй РБ. Там робіш неабходныя справы і — назад, тым жа няпростым маршрутам.

Быццам бы, нязручна, складана, некамфортна, але такое ўражаньне, што людзям падабаецца пераадольваць гэтыя складанасьці. Гэта — як альпінізм. Ці «тарзанка». Ці сплаў па горных рэках. Адрэналінавая гульня.

Раней усё баяліся: а раптам Лукашэнка зачыніць мяжу? Вось паставіць жалезную заслону, як у савецкія часы, і ўсё, бывай, «туды-сюды»!

Не хвалюйцеся, не зачыніць. Празь мяжу яму (і ён) возяць грошы, тавары, кантрабанду, то навошта ж яе зачыняць? Яна прыносіць вялікі прыбытак.

Я ведаю, нашыя людзі хваравіта ставяцца да гэтае тэмы. Хтосьці езьдзіць і ня хоча гэта апублічваць. Хтосьці і хацеў бы паехаць, а ня можа, таму яго нэрвуюць гэтыя «чаўнакі».

Хтосьці ня першы ўжо год працуе за мяжой, а дадому езьдзіць адпачываць, пабачыцца са сваякамі і прывезьці падарункі і грошы. Без аніякага грамадзка-палітычнага кантэксту. Гэтыя азіраюцца вакол са зьдіўленьнем і прыкрасьцю: «Чаму цяпер усё так складана? Вось былі ж часы, калі і самалёты лёталі, і цягнікі хадзілі, а цяпер чаму так? Хутчэй бы тыя часы вярнуліся!».

І на заканчэньне — цытата з аднаго допісу, які я пабачыў у беларускім замежным пабліку: «Ці хто-небудзь мае досьвед паездак у Беларусь праз Расею пры наяўнасьці польскае Міжнароднае Абароны? Падзяліцеся гэтым досьведам, калі ласка. Вельмі трэба».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(19)