Пашкевіч: «Цяперашні Іран на карце свету, як і пуцінская Расія — гэта злаякасная пухліна, якая няспынна дае метастазы»

Сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч разважае пра перспектывы іранскай дэмакратыі.

— Пры любым ходзе падзей я не надта веру ў перспектывы іранскай дэмакратыі, калі разумець яе як дэмакратыю заходняга тыпу, да якой імкнемся мы, — піша Аляксандр Пашкевіч. — Пра гэта там гаворка наўрад ці будзе весціся. Хоць бы таму, што дэмакратыя заходняга тыпу, як даволі выразна паказаў папярэдні досвед, слаба прыжываецца на глебе традыцыйнага, моцна закарэненага ісламу.

Аляксандр Пашкевіч

Улічваючы ж, што Іран — дзяржава вельмі неаднародная ўсярэдзіне, ёсць вялікая верагоднасць, што пры спробах увесці там класічную дэмакратыю краіна проста рассыпецца на часткі і стане некантраляванай з усім, што з гэтага вынікае.

Гэтыя засцярогі я цалкам падзяляю. Таму падазраю, што максімум, што там можна зрабіць — замяніць адзін аўтарытарызм на іншы, рэлігійны на свецкі. Ну ці прынамсі радыкальна рэлігійны прымусіць трансфармавацца ў памяркоўна рэлігійны.

У такіх краінах гэта часта выглядае як непазбежнае, але ўсё ж такі меншае зло. І, магчыма, якраз да такога варыянту іранскае грамадства ўнутры сябе якраз даспела, мяркуючы па моцных пратэсных настроях.

За ажно 37 гадоў кіравання якраз аятолы з муламі маглі настолькі набрыднуць (як большасці беларускага грамадства Лукашэнка «ўсяго» за 26, што вылілася ў 2020 год), што акурат ад гэтага ісламісцкага рэжыму многім і хацелася б пазбавіцца.

Чаму іншы, свецкі аўтарытарызм замест цяперашняй тэакратыі можа быць меншым злом? Таму што праблема цяперашняга іранскага аўтарытарызму — у тым, што ён не накіраваны ўсярэдзіну сябе, а імкнецца экспартаваць ісламскую рэвалюцыю, ствараючы пагрозу для суседзяў і дзесяцігоддзямі спрыяючы нестабільнасці ўсяго рэгіёну — ды і не толькі яго.

Адпаведна замена аятолаў на кагосьці такога таксама не белага і пухнатага, але хто прынамсі такіх глабальных амбіцый мець не будзе — было б плюсам.

Калі б спынілася падтрымка хусітаў, «Хезбалы», іншых іранскіх проксі — гэта добра паўплывала б на стабільнасць блізкаўсходняга рэгіёну і нават, магчыма, адчыніла б дзверы да пачатку сапраўднага вырашэння нібыта невырашальнай палесцінскай праблемы.

Пры захаванні іранскага рэжыму ў яго цяперашнім выглядзе гэта выглядае фантастыкай, а вось без яго — хто ведае. У кожным разе цяперашні Іран на карце свету, як і пуцінская Расія — гэта злаякасная пухліна, якая няспынна дае метастазы. І калі іншая пухліна прынамсі іх даваць не будзе — то гэта ўжо крок наперад.

Думаю, лішне казаць пра тое, што калі б новы, хай сабе і аўтарытарны Іран, пераключыўся на супрацоўніцтва з Захадам замест супрацоўніцтва з Расіяй — гэта было б пазітыўна і для нас.

Нават тое ж рэгуляванне вуглевадароднага рынку для памяншэння расійскіх даходаў было б куды больш простым і эфектыўным, калі б можна было разлічваць на спрыянне ў гэтым з боку Ірана.

Тое ж, што аўтарытарныя рэжымы могуць быць праамерыканскімі ці, шырэй кажучы, празаходнімі — гэта не фантастыка, так часта бывае. І гэта лепш, чым калі яны антызаходнія.

Іншая справа, што не толькі ў мяне ёсць вельмі вялікія сумневы, што гэтых мэтаў удасца цяпер дасягнуць, асабліва без наземнай аперацыі.

Хоць бы таму, што ёсць сумневы, што ў Трампа ды яго адміністрацыі ёсць у справе Ірана сапраўды прадуманая і паслядоўная палітыка, а не толькі імпульсіўнае, як у тым савецкім фільме, «только быстро». Калі на першым плане, як звычайна ў Трампа, эфектнасць, а не эфектыўнасць.

Ну, але гэта ўжо іншая гісторыя. Пабачым, як яно будзе. Як той казаў — спадзявайся на лепшае, а рыхтуйся да горшага.

Ну і трэба разумець, што свет ужо змяніўся настолькі моцна і незваротна, што ранейшым ужо ніколі не будзе. І ўсім трэба да гэтага прызвычайвацца ды перабудоўваць мысленне ды практычную палітыку, зыходзячы з гэтага — не з тэорыі, а з практыкі.

Выказваецца адгрунтаваная занепакоенасць, што разварушванне Ірана можа выклікаць новую магутную плынь бежанцаў, якая зноў моцна ўдарыць па Еўропе. Сапраўды, гэта абсалютна рэальная небяспека і абсалютна рэальныя падставы для трывогі.

Але каб мінімізаваць страты, Еўропа таксама павінна перадусім мяняць заведзеныя раней падыходы, не паўтараючы памылак 2010-х.

Што ў прынцыпе паціху-памалу ўжо і робіцца, бо нікуды не дзенешся. Выжыве ў новым свеце толькі той, хто не будзе ігнараваць яго суровыя рэаліі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(28)