Навумчык: «Мы ніяк ня горшыя за паўднёвакарэйцаў»

Публіцыст Сяргей Навумчык – пра спробу  перавароту ў Паўднёвай Карэі.

– У апошнія суткі мы бачылі, як дзейнічае сапраўдны парлямэнтарызм. І які ён моцны – куды мацнейшы за прэзыдэнцтва – калі ў краіне працуе Канстытуцыя, – піша Навумчык. – Захацелася прэзыдэнту дэмакратычнай Паўднёвай Карэі з адных толькі яму вядомых прычынаў абвясьціць ваеннае становішча – а дэпутаты парлямэнта палічылі гэта антыканстытуцыйным, і генэралы імгненна вярнулі салдат у казармы.

Цяпер парлямэнт рыхтуе імпічмэнт, і пакуль яшчэ дзейнаму прэзыдэнту застаецца маліцца, каб толькі адстаўкай скончылася: ягоныя папярэднікі адзін за другім адпраўляліся ў турму (за карупцыю).

У Беларусі ў свой час быў моцны парлямэнт. З моманту абвяшчэньня Незалежнасьці 25 жніўня 1991 і да 1994 у краіне не было ніводнага палітвязьня (!).

Спробы перасьледу міліцыяй мясцовых апазыцыйных актывістаў з падачы рэгіянальных кіраўнікоў здараліся, але пасьля кожнай ішоў дэпутацкіт запыт ад Апазыцыі БНФ, і міністар МУС генэрал Ягораў быў вымушаны апраўдвацца перад дэпутатамі, паведамляць пра дысцыплінарныя пакараньні сяржантам ды лейтэнантам за пеправышэньне службовых паўнамоцтваў.

Сяргей Навумчык

А ведаеце, чаму ён гэта рабіў, цудоўна пры гэтым разумеючы, што галасоў Апазвыцыі БНФ (толькі 30 дэпутатаў з трох сотняў) фармальна не хапіла б адправіць ягро ў адстаўку?

Ён ведаў, што пры ўсёй сваёй палітычнай маналітнасьці парлямэнцкая большасьць – маса неаднародная, у ёй існуюць свае групы (як рэгіянальныя, гэтак і прафэсійныя), розныя, часам супрацьлеглыя эканамічныя інтарэсы, і хто яго ведае, ці ня станне ён, міністар, разьменнай манетай у спрэчцы гэтых групаў, якія своечасова і ўдала скарыстаюць магчымую ініцыяву дэпутаў БНФ аб адстаўцы.

Вось і вымушаны быў ён (і іншыя міністры) улічваць меркаваньне зусім нязначнай па колькасьці дэпутацкай групы.

Але падобнае – ненапісаныя законы парлямэнтарызму,  ледзь не ад ангельскай Вялікай Хартыі вольнасьцяў XIII  стагодзьдзя. Яны дзейнічалі нават у абраным пры камуністах, зусім не ідэальным  Вярхоўным Савеце.

Я ўжо не кажу пра тое, што калі Вярхоўны Савет у студзені 1994-га прагаласаваў за адстаўку таго ж  Ягорава і старшыні КДБ Шыркоўскага – яму і ў галаву не прыйшло «ставіць у ружжо» міліцэйскія падразьдзяленьні, выводзіць на праспэкты Менску броентранспартэры ўнутраных войскаў – бо дзейнічала Канстытуцыя.

І таму адным з пытаньняў першага «рэфэрэндуму», праведзенага Лукашэнкам у 1995 годзе – было права прэзыдэнта распускаць парлямэнт. Што ён пазьней і зрабіў

Мяне часам папракаюць, што часта спасылаюся на падзеі першай паловы  90-х. Але той час – адзіны свабодны (хай і адносна свабодны) ў найноўшай гісторыі Беларусі, калі існавала і дзейнічала (хай і неідэальна) канстытуцыйная дэмакратыя.

А галоўнае – гэта абвяргае меркаваньні, што беларусы нібыта «не гатовыя» да дэмакратыі.

І з нацыянальнай Гісторыяй, у якой ёсьць Статут ВКЛ, мы ніяк ня горшыя за паўднёвакарэйцаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(52)