Скандалы

Сцяпан Кубік, Дар'я Форман, belsat.eu

Менскія манашкі едуць у Бельгію гандляваць. Там не вераць, што яны падтрымліваюць вайну

«Белсату» стала вядома, што прадстаўніцы Свята-Елісавецінскага манастыра запланавалі чарговыя «гастролі» ў ЕЗ. У снежні яны маюць узяць удзел у калядных кірмашах у трох цэрквах Бельгіі.

У адной з іх пацвердзілі «Белсату» візіт менскіх манашак і назвалі паклёпам абвінавачванні ў тым, што манастыр падтрымлівае вайну.

Намёт з прадукцыяй Свята-Елісавецінскага манастыра на Фестывалі трох культураў ва Уладаве, Польшча. 21 верасня 2024 года. Фота Белсат

Апошняя паездка Свята-Елісавецінскага манастыра ў ЕЗ адбылася ў верасні. Манашкі зладзілі гандаль на Фестывалі трох культураў ва Уладаве, польскім горадзе на мяжы з Беларуссю і Украінай. Цяпер яны плануюць візіт у Бельгію.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, манашкі маюць узяць удзел у калядных кірмашах у трох цэрквах, у тым ліку ў праваслаўным прыходзе святых Афанасія і Аманда ў горадзе Лілюа.

Там «Белсату» пацвердзілі, што гэты візіт чакаецца, а на пытанне, чаму падтрыманне менскім манастыром вайны ва Украіне не стала перашкодаю для супрацы, рэдакцыя атрымала падрабязны адказ ад настаяцеля Пэра Бэрнара. Ён прызнаўся, што манашкі прыязджаюць да іх на калядныя кірмашы ажно з 2016 года і што ён не мае намеру перарываць гэтае сяброўства:

— Я працягваю падтрымліваць іх гуманітарную працу дзеля дзяцей, адрынутых, самых абяздоленых, пра якіх яны клапоцяцца, нягледзячы на паклёп, і працягваю раз на год прымаць іх у нашым доме.

Бэрнар спасылаецца на ўласны досвед, паводле якога ён склаў асабістае меркаванне пра манастыр:

— У 2019 годзе мы з групай парафіян з нашага і французскага прыходаў наведалі манастыр, каб на свае вочы пабачыць працу манастыра. Мы наведалі месцы, дзе праводзяцца заняткі з дзецьмі і дарослымі з абмежаванымі магчымасцямі, былымі наркаманамі, алкаголікамі, бяздомнымі, пра якіх яны клапоцяцца, і змаглі паразмаўляць з людзьмі, якія там працуюць.

У тым жа даваенным 2019 годзе адна манашка з бельгійскага прыходу нават пажыла тры месяцы ў менскім манастыры і змагла «ўзяць удзел у іх сацыяльнай дзейнасці».

Пэр Бэрнар таксама паведаміў «Белсату», што летась ён прачытаў артыкул, «які чэрніць дзейнасць сясцёр у манастыры ў Менску».

— Паколькі апісанне супярэчыла таму, што мы бачылі, я звязаўся з сястрой Німфадорай, якая прыязджае да нас штогод, каб папрасіць тлумачэнняў, бо гэта было цалкам не тое, што я бачыў, і папярэдзіць, што без афіцыйнага зняпраўджання я болей не змагу іх прымаць, — адзначыў бельгійскі святар.

Манашка Німфадора Карповіч, адказная ў Свята-Елісавецінскім манастыры за камерцыю і збор ахвяраванняў. Скрыншот: belarus2020.churchby.info

У снежні летась Німфадора напісала Бэрнару, што інфармацыя пра падтрыманне манастыром вайны – паклёп, які распаўсюджваецца на Захадзе і «зыходзіць ад беларускі Наталлі Васілевіч, якая ніколі не была ў манастыры».

— Сястра Німфадора не хавае, што вернікі збіраюць вопратку і лекі, што дасылаюць у зону баявых дзеянняў, каб дапамагчы мясцоваму насельніцтву, якое пакутуе ад голаду і холаду. Больш за тое, некаторыя сем'і, якія пакідаюць Украіну, знаходзяць прытулак у Беларусі і некаторыя з іх шукаюць прытулку ў манастыры, — пераказвае Бэрнар змест ліста.

Другі раз Німфадора напісала ў траўні сёлета, паўтарыўшы заяву пра паклёп на манастыр, а таксама прыклаўшы афіцыйны ліст ад ігуменні Еўфрасінні Лапцік:

— Ліст пацвярджае, што манастыр не бярэ аніякага ўдзелу ў вайне ва Украіне; што ўся інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце пра куплю беспілотнікаў, транспартавых сродкаў і гэтак далей, — ілжывая; што сродкі, сабраныя ў Заходняй Еўропе, ідуць толькі на развіццё двух цэнтраў прыёму бяздомных і дзіцячых дамоў пад іх патранажам, а таксама на сацыяльныя майстэрні, дзе атрымліваюць заробак інваліды і людзі, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Такім чынам, упэўнены Бэрнар, гэты афіцыйны ліст зняпраўджвае змову паміж манастыром і беларускай дзяржаваю, і манашкі моцна рызыкуюць, калі гэтая змова будзе даказаная.

Настаяцель прыходу святых Афанасія і Аманда дадаў, што «ў інтэрнэце і сацсетках любы можа напісаць і сцвярджаць што заўгодна на любую тэму, прыклаўшы любы фотаздымак».

— Вайна — жах для людзей, уцягнутых у канфлікт, і шмат хто з іх — нявінныя ахвяры ганарыстасці сваіх лідараў. Гэтыя народы не толькі знаходзяцца пад дыктатурай і моцна пакутуюць ад яе, іх яшчэ караюць другі раз, пазбаўляючы ўсялякай гуманітарнай дапамогі! Гэта справядліва? Гэта па-хрысціянску? Сёстры з Менску аніяк не датычныя да гуманітарнай драмы Украіны, — падсумаваў святар.

Наталля Васілевіч з «Хрысціянскай візіі», «ініцыятарка паклёпу на манастыр», у размове з «Белсатам» адзначыла, што проста сочыць за дзейнасцю Свята-Елісавецінскага манастыра з дапамогаю іх уласных публікацыяў.

— Мы нічога не прыдумляем: толькі канкрэтныя факты з пруфамі, фотаздымкамі, скрыншотамі, — запэўнівае тэолаг.

Яна звяртае ўвагу, што змест старонкі манастыра ў розных моўных версіях адрозніваецца, і заходняя аўдыторыя проста не бачыць «дзяцей з аўтаматамі», інфармацыю, напрыклад, пра «нейкія канцэрты».

— Яны кажуць, што дапамагаюць людзям ва Украіне, але цывільным, не вайскоўцам. Але ў іх ёсць Мікалай Гаўрылаў, які каардынуе праект «Дапамога Данбасу».

Калі мы паглядзім блог Гаўрылава — ён ездзіць на Данбас, бегае з аўтаматам па акупаванай тэрыторыі, у расейскай вайсковай форме, з маскай на твары, разам з расейскімі жаўнерамі – хто гэты чалавек, калі не камбатант? І сам кажа пра тое, што машына, на якую яны збіралі грошы, выкарыстоўваецца ў выведцы, — прыводзіць прыклад Васілевіч.

Яна не здзіўленая, што манашкам, якія ўсяляк адхрышчваюцца ад падтрымання вайны, шмат хто верыць:

— Заўсёды вельмі цяжка паверыць, што вось гэтыя жанчыны, ціхія, якія ўсміхаюцца, якія расказваюць пра тое, як яны дапамагаюць хворым дзецям, насамрэч злачынцы, якія падтрымліваюць вайсковую агрэсію.

Суразмоўніца «Белсату» палічыла скандалам тое, што менскі манастыр сябруе з гэтым праваслаўным прыходам у Лілюа, бо тыя — раскольнікі:

— У іх была ідэя стварыць праваслаўе заходняга абраду, яны нават былі ў еднасці з нейкімі праваслаўнымі цэрквамі раней, то з Маскоўскім патрыярхатам, то з румынамі. Але потым яны зусім адкалоліся і ні з якімі іншымі праваслаўнымі не знаходзяцца ў супольнасці.

Звычайна праваслаўныя трымаюцца ад такіх падалей, асабліва такія, як Свята-Елісавецінскі манастыр, — больш кансерватыўнага кшталту.

Як тлумачыць Васілевіч, «альтэрнатыўшчыкі», падобныя гэтым бельгійскім, «прапануюць альтэрнатыву ўсяму афіцыйнаму, вельмі часта там пануюць тэорыі змовы»:

— Вельмі часта ў іх шмат епіскапаў і святароў і вельмі мала парафіян. Такія трохі закрытыя супольнасці, ізаляваныя ад сусветнага праваслаўя, таму што з імі не асабліва хто хоча мець стасункі.

Але менскія манашкі такіх раскольнікаў не цураюцца:

—  Грошы. Яны хоць з чортам лысым будуць супрацоўнічаць, калі будуць грошы.

Прадстаўніца «Хрысціянскай візіі» таксама падкрэсліла, што абяцанні Свята-Елісавецінскага манастыра выдаткаваць заробленае ў Еўропе на бяздомных і дзяцей не вартыя даверу, бо прасачыць, на што менавіта пойдуць гэтыя грошы, немагчыма:

— Яны маюць агульны бюджэт, куды ўсё ідзе. Як сродкі пераразмяркоўваюцца там, гэта іншае пытанне. Да таго ж мы маем сведчанні людзей, якія працавалі ў розных праектах манастыра.

Яны расказваюць, што фактычна перад усімі паходамі да дзяцей сёстры і валанцёры купляюць за свае грошы цацкі, алоўкі, вопратку, а манастыр аніякай дапамогі не дае і фінансаў на гэта не выдаткоўвае.

Свята-Елісавецінскі манастыр — бадай, самы вядомы ў Беларусі памагаты расейскім вайскоўцам. Там збіраюць грошы, медыкаменты, адзенне і абутак, а таксама заахвочваюць пісаць лісты падтрымання (іх падпісваюць «Дорогому солдату из Белой Руси» або «Дорогому солдату из Белоруссии»), якія перадаюць жаўнерам.

За 25 гадоў існавання манастыр развіў маштабны бізнес у вытворчасці і продажы свечак, абразоў, сувеніраў, гарбатаў, бальзамаў. Рэгулярнымі партыямі ўстанова адпраўляе прадукцыю і за мяжу ў суправаджэнні сясцёр.

Сёлета ў сакавіку расследавальнікі «Бюро» выпусцілі матэрыял, прысвечаны манастыру. Сцвярджалася, што ён вядзе падвойную бухгалтэрыю дзеля пазбягання падаткаў і ўнёскаў, афіцыйны «белы» заробак у манастыры складае толькі 15 % ад сплачанага. Рэшту афармляюць як «дабрачыннае ахвяраванне за царкоўны послух». Ахвяраванні не абкладаюцца падаткам на прыбытак, з іх не трэба плаціць унёскі ў пенсійны фонд.

Цяпер у структуры манастыра 7 юрыдычных асобаў у Беларусі і Расеі з прыблізна 1600 супрацоўнікамі, 12 храмаў, 70 царкоўных лавак у Менску, больш дзесяці майстэрняў, нядзельная школа, патранажная служба, жаночы і мужчынскі падворак, паломніцкі цэнтр, «духоўна-асветніцкі» цэнтр «Каўчэг» і дзіцяча-юнацкі рух «Арляняты», а таксама Сястрыцтва ў гонар святой Елісаветы, ва ўласнасці якога больш за 300 гектараў зямлі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.4(12)