Лабковіч: Калі я пачну расказваць аб тым, што адбывалася ў калоніі — вязні сёння ж трапяць у ШЫЗА

Вызвалены палітзняволены праваабаронца — пра катаванні ў зняволенні.

— Умовы, у якіх знаходзяцца палітвязні — гэта, безумоўна, катаванне, —сказаў на прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе праваабаронца Уладзь Лабковіч. — Я пабываў шмат у якіх месцах, мяне «пакаталі» пра краіне» (маўляў, ты ж праваабаронца, павінен паглядзець усё).

Магу пуцевадзіцель ужо выдаваць па гэтых месцах, адзнакі выстаўляць. І ў калоніі №17, напрыклад, адразу сказалі: «Ведаеш, з цябе ж робяць твае сябры, якія на волі, сакральную ахвяру. Мы ім, безумоўна, дапаможам».

Формула простая. Пеленгуюць інтэрнет — адна згадка ў прэсе, і ты едзеш у ШЫЗА. Узгадак было шмат, ШЫЗА таксама хапала. А гэта «адзіночкі», надзвычай халодныя памяшканні, і праз тыдзень-два-тры бесперапынна сам-насам сапраўды становіцца цяжка.

Наогул, было шмат момантаў, пра якія зараз я не гатовы, мабыць, узгадваць, калі былі фізічныя ўздзеянні. Маральныя і псіхалагічныя — кожны раз.

Таму я прашу журналістаў паставіцца з разуменнем, калі гэтыя гісторыі пакуль што не распавядаюцца. Перакананы, што цудоўныя людзі, якія знаходзяцца як мінімум у калоніі №17, калі я пачну расказваць аб тым, што там адбывалася — яны сёння ж «паедуць» у ШЫЗА. У гэтай установе рэакцыя толькі такая.

Але, паўтаруся — людзі там сапраўды ў небяпецы, і гэта сапраўды катаванні.