Рызыкну зрабіць прагноз, што гэтая перспектыва застаецца рэальнай: цягам наступных тыдняў, максімум месяцаў, магчыма, нават да канца года — маюць добрыя шансы выйсці на свабоду Пачобут і Гавэл.
Класкоўскі: «Парадаксальным чынам Трамп, у якога рэпутацыя дзялка і цыніка, выглядае гуманістам большым, чым еўрапейцы»
Палітычны аналітык у каментары Филину разважае пра польска-беларускі перамоўны трэк, разлікі рэжыму Лукашэнкі і шкоду тунэльнага мыслення.
Сярод 123 палітвязняў, якія выйшлі на свабоду і былі прымусова вывезеныя з краіны 13 снежня, ёсць шэраг знакавых асоб і грамадзян іншых краін, у тым ліку Японіі, ЗША, Украіны, Літвы. Але ж няма нікога з тых, на чыім вызваленні не раз настойвала Польшча: ні Анджэя Пачобута, ні абвінавачанага ў «агентурнай дзейнасці» манаха Гжэгажа Гавэла, ні Кацярыны Андрэевай і іншых супрацоўнікаў «Белсату».
Чаму беларускія ўлады дэманстратыўна зрабілі менавіта так і хто пасля некалькіх этапаў перамоў Беларусі з ЗША і краінамі Еўропы дамогся значных для сябе вынікаў?
На думку палітычнага аналітыка інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандра Класкоўскага, тое, што цяпер адбываецца, ёсць свядомым разлікам, а не збегам абставінаў:
— Ёсць звесткі, што першапачатковы спіс быў большы, у ім было недзе каля 150 чалавек, — зазначае аналітык у каментары Филину, — а вызваленыя былі ў выніку 123. Уражанне такое, што Лукашэнка вырашыў прытрымаць гэтых закладнікаў, якія асабліва каштоўныя для польскага боку.
Якія могуць быць прычыны? Па-першае, магчыма, разумеючы каштоўнасць пэўных людзей для Варшавы, Лукашэнка вырашыў з ёй дадаткова патаргавацца. І па-другое, я дапускаю, што беларускія ўлады вырашылі даць нейкі ўрок Польшчы.
Бо нейкі час таму Лукашэнка публічна абмаляваў абрысы ўгоды з Варшавай. І паказаў сваю незадаволенасць тым, што адкрыццё двух раней закансерваваных Польшчай памежных пераходаў, «Кузніца» і «Баброўнікі», было адкладзена на пару тыдняў. Яму відавочна не спадабалася праява салідарнасці Варшавы з Вільняй, якая ў той час закрыла свае два пераходы на мяжы з Беларуссю, і Лукашэнка панаракаў палякам: маўляў, усё было ўжо на мазі, і раптам яны зрабілі такі фінт.
Анджэя Пачобута ў той прамове правіцель згадаў адкрытым тэкстам, наогул была ўжытая фармулёўка «просят там этих Почобутов, шпионов признают» — гэткі празрысты намёк на польскага манаха. І, як мяркуе наш суразмоўца, перамовы аб вызваленні гэтых людзей працягваюцца:
— Ад Польшчы, нагадаю, гучалі заявы, што ідзе праца над вызваленнем знакавых палітвязняў. Прычым гаворка ішла пра амерыкана-польскі трэк, намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Басацкі нават паведаміў пасля размовы з Джонам Коўлам: ёсць папярэдняя дамоўленасць пра вызваленне «групы польскіх грамадзян і супрацоўнікаў «Белсату».
Працэс ідзе. З аднаго боку, Лукашэнка хоча максімум атрымаць за вызваленні знакавых для Варшавы палітвязняў, а з другога, пакуль ёсць акно магчымасцяў, пастараецца, я думаю, не змарнаваць момант.
— Калі ацэньваць некалькі этапаў сёлетніх масавых вызваленняў — ці можна меркаваць, што не стратэгічна, але сітуатыўна Лукашэнка дамогся свайго?
Да яго прыйшлі амерыканцы на дыялог, яму адкрылі памежныя пераходы, ён перайграў Літву ў канфлікце з межамі і фурамі. У той час, як рэжым выпусціў некалькі груп палітвязняў, але не спыніў рэпрэсіі і працягвае набіраць новых закладнікаў…
— Сітуацыя, канешне, драматычная. Але разважаючы, ці прагадаў, ці выйграў Лукашэнка, прывяду вядомую аналогію са шклянкай: ці яна напалову пустая, ці напалову поўная.
Гучаць меркаванні, маўляў, за зняццё калійных санкцый можна было запатрабаваць больш з рэжыму. З іншага боку, здымаюцца толькі амерыканскія санкцыі, а праблема транзітнага маршруту застаецца: і з Літвой пакуль што вострыя адносіны, і існуюць яшчэ санкцыі ЕС, накладзеныя на беларускі калій. Таму ў гэтай гульні цэлы набор чыннікаў «за» і «супраць».
У прынцыпе, можна сказаць, што Лукашэнка на гэтым полі гуляе даволі ўдала. Яму на карысць ідзе тое, што ён ужо чацвёрты дзясятак гадоў пры ўладзе, налаўчыўся ў такіх камбінацыях. Адрозна, напрыклад, ад літоўскага ўраду: адносна новая каманда, якой відавочна бракуе міжнароднага досведу, у тым ліку дачыненняў з такімі спецыфічнымі рэжымамі, як рэжым Лукашэнкі.
Іх правіцель Беларусі перайграў лёгка. Хоць мы да канца не ведаем яшчэ ролю амерыканцаў. Вярнуўшыся з Мінска ў Вільню, Джон Коўл сказаў, што Лукашэнка паабяцаў яму спыніць паветраную кантрабанду. Трэба назіраць за гэтай гісторыяй.
Мяркую, амерыканцы стараюцца паўздзейнічаць на абодва бакі. Пэўную выхаваўчую працу падчас закулісных перамоў у Мінску правялі з Лукашэнкам, але і Вільні маглі параіць трошкі суцішыць імпэт. Асабліва калі ў Трампа ёсць канкрэтны інтарэс да беларускага калію як альтэрнатывы канадскім угнаенням. Таму ёсць кволыя надзеі на тое, што востры канфлікт паміж Вільняй і Мінскам пакрысе пачне разрульвацца.
Наогул сітуацыя з перамовамі аб вызваленні палітвязняў выклікае і будзе выклікаць дыскусіі, працягвае Аляксандр Класкоўскі:
— З маральнага боку можна прад’явіць прэтэнзіі. Але Лукашэнку яны, груба кажучы, па барабане. Што тычыцца дзеянняў каманды Трампа — нібыта таксама яны гуляюць па правілах дыктатара; аднак менавіта гэтая палітыка ўпершыню за 5 гадоў дае заўважны плён. На волю выходзяць палітвязні, гаворка ідзе пра свабоду, выратаванне здароўя, а можа, і пра захаванне жыцця гэтых людзей.
Парадаксальным чынам Трамп, у якога рэпутацыя дзялка і цыніка, выглядае гуманістам большым, чым еўрапейцы, якія пастаянна выказваюць заклапочанасць станам беларускіх палітвязняў, але так і не дамагліся іх вызвалення.
Асабіста я бачу і падкрэсліваю ў гэтай сітуацыі менавіта гуманістычны складнік. Якія б ні былі пазіцыі ў барацьбітоў за дэмакратыю, жыццё і здароўе людзей — тое, што павінна стаяць па-над усім астатнім.
На думку аналітыка, не варта ацэньваць ход падзей толькі з гледзішча выгады/нявыгады для рэжыму Лукашэнкі. Бо ад паслабленняў для «Белавія» атрымаў профіт не выключна рэжым, але і ўсе пасажыры авіякампаніі, як і ад адкрыцця памежных пераходаў — тыя беларусы, хто ездзіць у Еўропу, у тым ліку на працу, вучобу, да родных і г.д. Да таго ж гэта крокі, якія спрыяюць далейшаму дыялогу аб вызваленні палітвязняў.
— Мая выснова такая, што іншым разам апазіцыйным лідарам варта трошкі шырэй глядзець на падзеі, адмаўляцца ад тунэльнага мыслення (маўляў, выйграў Лукашэнка — значыць, гэта апрыёры кепска), — падсумоўвае Аляксандр Класкоўскі. — Бо нават гіпатэтычнае транспартаванне беларускага калію праз Клайпеду — гэта працавала б на эканамічную, а значыць, і на палітычную самастойнасць беларускай дзяржавы. А сёння не толькі Лукашэнка страчвае на дарагой лагістыцы, а ўся беларуская эканоміка яшчэ больш прывязваецца да Расіі.
Читайте еще
Избранное