Гурневіч: Мне сорамна за тое, што ўжываў слова «ябацькі»

Журналіст «Радыё Свабода» Дзмітрый Гурневіч — пра тое, што для беларусаў значыць мова і аб чым размаўляць з людзьмі пад чырвона-зялёным флагам.

— Італія, напрыклад, не абвяшчала такую дактрыну як «італьянскі свет» па тыпу «русский мир», яна не гаварыла, што будзе пашыраць Рымскую імперыю. Што там, дзе гавораць па-італьянску, будзе Італія, у той жа Швейцарыі, — разважае Дзмітрый Гурневіч на канале Жыццё-маліна пра ўжыванне рускай мовы ў Беларусі. — У Канадзе няма канадскай мовы, але ў іх няма і суседа, які хоча іх захапіць. У нас іншая сітуацыя.  

Мала таго, што нас хочуць захапіць, так у Беларусі яшчэ ёсць янычары-здраднікі, якія з вялікім задавальненнем аддалі б гэтую краіну цалкам пад Расію і перарабілі б яе ў Расію.

Яны лічаць: а якая розніца, затое будзе танная нафта і будзем багата жыць. Але ў Беларусі і зараз самыя танныя нафта і газ, аднак мы не жывём найбагацей у Еўропе. Такім чынам мы маем аргументы, каб паказаць памылковасць гэтай палітыкі.

Таму да нас не падыходзяць і прыклады пра Бельгію і пра Швейцарыю. Яны пра іншы свет, пра іншых людзей, якія інакш сябе адчуваюць. У іх адчуванне ідэнтычнасці дзяржаўнае.

Мы павінны разумець, што наша дзяржава існуе толькі дзякуючы таму, што калісьці яе стварылі беларусы, з-за беларускай мовы, беларускай культуры, беларускіх традыцый. Гэта мапа Карскага склалася дзякуючы мове. Усе тыя мапы маляваліся менавіта па моўнай прыкмеце.

Без мовы беларусаў проста не было б. Думаю, што іх і не будзе, калі цалкам знікне лаяльнасць да беларускай мовы. Гэта ўжо будзе не тая Беларусь, якая зможа захавацца.

Бельгія будзе існаваць, бо ў яе няма Расіі. Яе не збіраецца захапіць Францыя. А Англія не збіраецца захопліваць Ірландыю. Зрэшты ў Ірландыі ёсць каталіцтва, нацыянальная рэлігія, якая адрознівае іх ад ангельцаў. У іх ёсць і велізарны пласт культуры, свае песні, свае мелодыі.

Наўрад ці яны спяваюць, напрыклад, «Падлонданскія вечары». А беларус будзе спяваць «Подмосковные вечера», бо ён думае, што проста паспявае песню пра Маскву. Не, гэта не проста песня, ён будзе думаць катэгорыяй Масквы.

Гурневіч лічыць, што беларусаў нельга дзяліць на сваіх і чужых, і падкрэслівае, што выступае за нацыянальную згоду.

— Вельмі не люблю слова «ябацькі». Мне зараз сорамна за тое, што сам ужываў яго пару разоў. Таму што гэта ўсё роўна нашы людзі. Калі мы хочам, каб Беларусь была іншай, мы не можам адрынуць нейкую частку людзей, колькі б там ні было працэнтаў.

Гэта людзі, з якімі трэба працаваць. Гвалтоўна наўрад ці з гэтым народам атрымаецца. Я лічу, што з людзьмі трэба размаўляць, дамаўляцца, супрацоўнічаць.

Узгадваю і некаторых сваякоў, і блізкіх людзей, сяброў, якія ў 2020 годзе казалі, што былі за Лукашэнку, за Расію, а зараз усё зразумелі. То-бок яны былі «ябацькамі». Калі ты будзеш чалавека бясконца абражаць, гаварыць, што ён непаўнавартасны, тупы, ці будзе ён да цябе прыслухоўвацца? Не.

Гэта не азначае, што нельга гаварыць пра тое, што ёсць, пра рэальнасць.

Але нельга людзей змешваць з брудам толькі таму, што ў іх іншая палітычная думка. Яны такімі сталі, таму што паддаліся прапагандзе. Гэта значыць, што без прапаганды яны будуць думаць зусім інакш.

Я гатовы размаўляць з імі і размаўляю ў сацсетках, нават з тымі, хто лічыць, што ў Беларусі патрэбны рэпрэсіі, каб яна захавалася. Гэта беларусы пад чырвона-залёнымі сцягамі.

Але калі я бачу, што чалавек здольны на размову, на рэфлексію, то з ім трэба гаварыць. Ёсць нават лукашэнкаўскія прапагандысты, якія рэфлексуюць, і з імі можна будзе ў будучыні размаўляць. Яны вельмі хутка пераабуюцца, — упэўнены Гурневіч.