Будущее

Андрэй Карась

«Чым больш гадоў праходзіць, тым менш у большасці людзей жадання варушыць мінулае і да яго вяртацца»

Гісторык Аляксандр Пашкевіч, сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі, распавёў у інтэрв’ю «Салідарнасці», якім бачыць у будучыні статус беларускай мовы і ці змогуць часткі беларускага грамадства прымірыцца пасля змены рэжыму Лукашэнкі.

Першую частку інтэрв’ю чытайце тут.

– Будучыня беларускай мовы: ці магчыма, на ваш погляд, змяненне яе статусу ўнутры краіны?

– Балючае пытанне – якія перспектывы пры цяперашняй сітуацыі вымалёўваюцца для беларускай мовы. Не сакрэт, што многія яе актыўныя носьбіты ў апошнія гады мусілі пакінуць краіну, а ў цэлым у Беларусі сітуацыя для яе падтрымкі, а тым больш развіцця цяпер надта неспрыяльная.

І ў перспектыве, нават калі агульная сітуацыя ўнутры краіны палагаднее, наўрад ці варта спадзявацца на чынную падтрымку беларускай мовы з боку дзяржавы – хутчэй яна застанецца на цяперашнім больш сімвалічным узроўні.

Прытым прынцыпова на гэта нават не вельмі ўплывае тое, будзе кіраўніком Беларусі Лукашэнка ці нехта іншы: захаванне крытычнай залежнасці мясцовага палітычнага рэжыму ад Масквы выключае поўнамаштабную беларусізацыю на дзяржаўным узроўні.

Аляксандр Пашкевіч

Іншая справа, што і ў ранейшыя гады захаванне ды развіццё беларускай мовы рабілася больш сіламі грамадзянскай супольнасці, праз эфектыўныя і прывабныя грамадскія ініцыятывы.

Большасць гэтых ініцыятыў цяпер знішчаныя ці выціснутыя за мяжу, а стварэнне новых прынамсі пры Лукашэнку наўрад ці магчымае. Пры ім, паўтаруся, нейкіх асаблівых палёгкаў для грамадзянскай супольнасці, а тым самым для беларускай мовы дакладна не будзе, а вось пры ягоных наступніках нічога выключаць нельга.

Аднак жа ў кожным разе, пры любых абставінах гаворка будзе весціся не так пра развіццё, як пра выжыванне да лепшых часоў.

На жаль, сітуацыя ў Беларусі цяпер такая, што моўная русіфікацыя тут практычна завершаная, а беларуская мова, хоць безумоўна застаецца пакуль мовай жывой, усё ж такі з’яўляецца «нішавай», ужыванай не ва ўсім грамадстве, а ў пэўных асяродках.

І ад наяўнасці ды здароўя гэтых асяродкаў акурат найбольш залежаць перспектывы яе выжывання. Так было раней, так ёсць і цяпер.

Наколькі я магу меркаваць, нават у сучаснай Беларусі з наяўнасцю людзей, якія хочуць і могуць на розных узроўнях прасоўваць беларускую мову, усё зусім не безнадзейна, аднак наяўныя палітычныя абставіны ім пакуль не надта спрыяюць.

Зменяцца ці падкарэктуюцца абставіны – можна будзе чакаць прагрэсу і ў гэтай сферы, прынамсі выйдзе наяў тое, што цяпер прыхавана. Адно што толькі не варта мець ілюзій, што гэта можа без мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі падняцца вышэй за ўзровень асяродкаў.

Што да захавання і развіцця беларускай мовы на эміграцыі – то гэтая справа тут на сённяшні момант ужо цяпер рухаецца тымі самымі асяродкамі, якія раней дзейнічалі ў Беларусі, але пасля людзі з іх перамясціліся за мяжу.

На гэты момант усё выглядае не так і блага, але пакуль прайшло не так шмат часу. Таму цяжка прагназаваць, як будзе выглядаць пытанне з пераемнасцю і абнаўленнем асяродкаў: наколькі беларускамоўныя эмігранты здолеюць вырашыць задачы выхавання ў беларускім духу сваіх дзяцей, у тым ліку забяспечыць валоданне імі беларускай мовай.

Ну і таксама прывабліваць да сябе новых прыхільнікаў з ліку беларусаў, якія пакуль што рускамоўныя.

Гэта заўсёды ключавое пытанне – каб асяродкі не толькі існавалі, але і абнаўляліся, каб у іх прыходзіла «свежая кроў». У Беларусі гэта рабіць у цэлым удавалася, ці ўдасца эмігрантам ва ўмовах непазбежнага абмежавання рэсурсаў – пакажа час.

– Сёння многія беларусы выразна дзеляцца на «ябацек» і «змагароў», адныя ўдзельнічаюць у рэпрэсіях, другія становяцца іхнімі ахвярамі. Як можна пераадолець гэты раскол у будучыні?

– Адносна магчымасці грамадскага прымірэння – то яно наўрад ці магчымае, пакуль жывы і пры ўладзе Лукашэнка. Ён гарант таго, што ніякіх прынцыповых змен у прыродзе рэжыму адбывацца не будзе, што ў турмах будуць працягваць утрымлівацца палітвязні, а несанкцыянаваная грамадская актыўнасць будзе пераследавацца.

А калі так – то пра якое прымірэнне можна казаць, калі адна частка грамадства пераследуе іншую?

Іншая справа – што пры наступніках Лукашэнкі, асабліва калі знешняя кан’юнктура будзе больш-менш спрыяць, рэжым можа трансфармавацца і быць хоць не дэмакратычным, але ўжо не такім агрэсіўна-рэпрэсіўным – правядзе агульную амністыю і не будзе звяртацца да гвалту без пільнай патрэбы.

Тады можа быць і так, што грамадскае прымірэнне будзе адбывацца дэ факта, сілай самога жыцця. Асабліва калі статус-кво будзе захоўвацца доўга.

Час лечыць, і чым больш гадоў праходзіць, тым менш у большасці людзей жадання варушыць мінулае і да яго вяртацца, калі раны адмыслова не вярэдзяцца.

– Якім вы бачыце лёс беларускай хвалі эміграцыі, што ўзнікла пасля 2020 года? 

– Што да сітуацыі беларускай эміграцыі, то мяркую, што заканчэнне гарачай фазы вайны ва Украіне і часовая стабілізацыя сітуацыі ў рэгіёне добрых перспектыў ёй не прарочыць.

Пасля дэ-факта прызнання Беларусі сферай уплыву Расіі беларускае пытанне на пэўны час знікне з практычнага парадку дня ўрадаў заходніх краін, адпаведна крытычна зменшыцца і ўзровень падтрымкі беларускіх ініцыятыў як у палітычнай, так і ў культурна-інфармацыйнай сферы.

Узнікнуць новая рэальнасць і новыя выклікі, і тут будзе шмат залежыць ад таго, наколькі паспяхова беларускай дыяспары ўдасца ім даць рады. Тут нешта прагназаваць увогуле складана.

Але ў кожным разе зразумела, што беларусы, якія не змогуць вярнуцца на радзіму, будуць усё глыбей інтэгравацца ў іншыя грамадствы, многія з іх, вядома, будуць для Беларусі незваротна страчаныя.

Аднак жа канчаткова ўсе, вядома, не знікнуць і не расплывуцца, нейкая актыўнасць захоўвацца будзе. Калі нейкія выхадцы з Беларусі будуць дасягаць кар’ерных і матэрыяльных поспехаў у новых краінах, захоўваючы пры гэтым повязі са сваім народам – то ў пэўнай перспектыве гэта пойдзе радзіме толькі ў плюс.

Хоць, вядома, як і заўсёды ў падобных выпадках, будучыня беларусаў будзе кавацца ў Беларусі.

У цэлым, думаю, пасля стабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне, а асабліва з цягам гадоў працэс адчуджэння і разыходжання шляхоў паміж тымі, хто выехаў, і тымі, хто застаўся на радзіме, узмацніцца, яны будуць усё менш разумець адзін аднаго.

Гэта не спецыфічна беларуская сітуацыя, так заўсёды бывае з эміграцыямі. Але, канешне, тут шмат залежыць ад таго, наколькі шчыльнай будзе новая «жалезная заслона» на мяжы Расіі і Беларусі з заходнім светам. Гэта пакуль прадказаць цяжка, бо залежыць ад розных фактараў.

Але ў кожным разе, думаю, на любых крутых паваротах з адкрыццём вокнаў магчымасцяў перад беларусамі будзе паўставаць праблема геапалітычнага выбару – быць часткай рускага ці заходняга свету.

Вядома, праблема можа паўставаць не наўпрост, а прытоена, да пары не агучвацца дзеля тактычных мэтаў. Але насамрэч асаблівых варыянтаў у нашай сітуацыі няма, а Пуцін з Лукашэнкам у апошнія гады максімальна ўсё абвастрылі ды паставілі рубам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(25)