Неабыякавыя

Марына Міхайлава

Чаму чалавек з інваліднасцю ў калоніі — дадаткова ўразлівы

«Кожны пункцік не прапішаш. Але ёсць рэчы, якія не назавеш інакш чым здзекам». «Салідарнасць» пагутарыла з праваабаронцам і лекарам Васілём Завадскім пра становішча палітвязняў з інваліднасцю і цяжкімі захворваннямі. І што такое «палепшаныя ўмовы» ў рэальнасці.

Людзі з ментальным разладам і фізічнымі абмежаваннямі трапляюць у беларускія вязніцы гэтак сама, які і ўсе астатнія. А палітвязні — без аніякай аглядкі на стан здароўя, хоць бы наўпрост з анкалагічнага дыспансеру. Для якіх катэгорый зняволеных мусяць быць створаныя «палепшаныя бытавыя ўмовы» — і як гэта выглядае на практыцы?

Як людзі з інваліднасцю і цяжкімі хваробамі аказваюцца дадаткова ўразлівымі ў няволі і якую дапамогу ім (не) аказваюць супрацоўнікі калоній, «Салідарнасць»  абмеркавала з былым кіраўніком медычнай службы Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС РБ, праваабаронцам, прадстаўніком ініцыятывы «Лекары за праўду і справядлівасць» Васілём Завадскім.

Праблема, зазначае спадар Васіль, існуе не першы год і нават дзесяцігоддзе — але ў пэўным сэнсе «дзякуючы» беспрэцэдэнтнай колькасці палітвязняў яна стала насамрэч бачнай і прыцягнула значную ўвагу. І гэта істотна, бо тое, што прапісана ў беларускіх законах і што адбываецца на практыцы — дзве вялікія розніцы. І абедзве далёкія ад нормы.

— Сапраўды, у Крымінальна-выканаўчым кодэксе прапісана, што ствараюцца адмысловыя ўмовы для людзей з інваліднасцю. Пра дадатковыя інструкцыі на гэты конт мне невядома — не думаю, што яны ёсць. Гэта значыць, у кожнай установе па-свойму ўспрымаюць стварэнне такіх умоў, — гаворыць Васіль Завадскі.

Так, людзям з інваліднасцю І-ІІ групы прадугледжана прызначэнне палепшанага харчавання — яго называюць «дыетычным», хоць гэта не так, але ж стравы больш разнастайныя. А «ўмовы» на практыцы палягаюць у тым, што ўсе, хто не працуе ў калоніях (пенсіянеры, зняволеныя з інваліднасцю І-ІІ групы) ўтрымліваюцца ў асобных атрадах, дзе ложкі — не двух’ярусныя, а сам паверх — першы.

— Але гэта, што называецца, добрае стаўленне адміністрацыі, а не абавязковы парадак. Бо звычайна такіх людзей няшмат — хоць калісьці, як я працаваў у Навасадах, было чалавек 60 непрацуючых. І асаблівыя ўмовы для іх звычайна палягалі ў першым паверсе, у менш строгіх патрабаваннях, калі атрад ідзе ў сталоўку ці лазню — то не абавязкова ісці строем.

У ідэале медыка-сацыяльныя ўмовы для вязняў мусяць быць такімі ж самымі, як і для звычайных людзей на волі. Нідзе ж не прапісана, што яны пазбаўляюцца сваіх прывілеяў. Але насамрэч — так не бывае.

Умоўна, некаторым катэгорыям людзей з інваліднасцю хаця б раз у год належыць санаторый — логіка кажа, што зняволенага туды ніхто не адправіць.

І ўсё ж павінна быць прапісанае асаблівае стаўленне да такіх людзей. Прынамсі, медыка-сацыяльныя, рэабілітацыйныя паслугі відавочна мусяць ім аказвацца, і гэта трэба рэгуляваць адпаведным нарматыўным дакументам.

На сёння ж — людзі з інваліднасцю ў калоніях ёсць, а сацыяльнага работніка — няма. Ёсць адна пасада, яна называлася «інжынер па сацыяльнаму і бытавому ўладкаванню», але ён адзін на ўсю калонію і займаецца ўсімі, хто вызваляецца, ён фізічна не здольны аказаць увагу ўсім.

Трэба сказаць, што на Захадзе сацыяльныя работнікі — у параўнанні з Беларуссю гэта даволі шматлікая катэгорыя людзей, якія працуюць у месцах пазвалення волі.

— Калі ў чалавека істотна пагоршылася здароўе ў зняволенні (да прыкладу, вядома, што Вацлаў Арэшка амаль страціў зрок, у многіх вязняў абвастрыліся хранічныя захворванні) — ці мусяць тамтэйшыя медыкі аформіць інваліднасць?

— Так, мусяць. Канешне, у калоніях гэта не так проста. Зладзіць кансультацыі спецыялістаў, арганізаваць дадатковыя абследаванн —  гэта ўсё дадатковая праца, якую супрацоўнікі медчасткі не надта любяць рабіць. Але робяць, і ёсць ужо адпрацаваная сістэма.

Акрамя таго, ёсць механізм вызвалення па стане здароўя. У інструкцыі, па шчырасці,  пералічаны хваробы ў тэрмінальнай фазе — скажам, анкалагія 4 клінічнай групы, іншыя вельмі цяжкія станы. Але і тая ж страта зроку можа быць падставай для вызвалення па стане здароўя.

І супрацоўнікі калоній самі зацікаўленыя, каб такія людзі вызваляліся, бо зняволены, які фактычна сам сябе не абслугоўвае — гэта для іх дадатковая нагрузка. І калі па стане здароўя вязень не падпадае пад вызваленне, можна пашукаць іншыя магчымасці: напрыклад, паспрыяць умоўна-датэрміноваму вызваленню, амністыі, пераводу на аблегчаны від пакарання («дамашняя хімія»).

Раней гэта часам спрацоўвала. Сёння ж, думаю, проста баяцца такія механізмы выкарыстоўваць, бо гэта прыцягвае дадатковую ўвагу да палітзняволеных.

…Былыя вязні распавядалі «Салідарнасці» рэчы, якія цяжка патлумачыць — напрыклад, забарону людзям з дрэнным зрокам насіць кантактныя лінзы.

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што журналісту Алегу Супрунюку, у якога інваліднасць па слыху, не дазваляюць карыстацца слыхавым апаратам, а некаторым зняволеным не даюць перадаваць жыццёва неабходныя лекі, у прыватнасці, супраць дыябету.

Праваабаронца Леанід Судаленка распавядаў, як у ШІЗА яму забаранілі мець акуляры — а без іх ён не мог нават прачытаць правілы распарадку (што нікога, зразумела, не турбавала). Беларуску з Мазыра затрымалі проста на выхадзе з анкалагічнага дыспансеру, і цяпер яна адкладвае неабходную аперацыю ў чаканні суда.

І такіх выпадкаў не адзін і не два — падобна, гэта частка сістэмнага стаўлення да «палітычных». З чаго вынікае пытанне:

— Як расцаніць дзеянні тых супрацоўнікаў, хто ведае пра інваліднасць, сур’ёзныя праблемы са здароўем, якія ўзніклі ці абвастрыліся ў чалавека ў зняволенні — і не аказвае неабходную дапамогу?

— Калі аб’ектыўна, то гэта нялюдскае стаўленне трэба расцэньваць як катаванне. І гэта не мая эмацыйная рэакцыя — гэта прапісана ў міжнародным пакце, падпісаным у тым ліку Беларуссю.

Гэта злачынства, за якое давядзецца адказваць канкрэтным службовым асобам. Я ў тым не сумняваюся.

Кожны пункцік не прапішаш ва ўсіх нарматыўных дакументах, але ёсць рэчы, якія не назавеш інакш чым здзекам. Тое самае, як у вязняў адбіраюць алоўкі, асадкі і кажуць: «Пішыце скаргі».

Такая нялюдская пенітэнцыярная сістэма — не проста адлюстраванне рэчаў, якія адбываюцца ў грамадстве, а іх сканцэнтраваны адбітак.

Але, паўтаруся, выканаўцы, удзельнікі катаванняў не тое, што могуць — яны будуць прыцягнутыя да адказнасці. І яны павінны пра гэта ведаць.